ІНВЕ́РСІЯ ТЭМПЕРАТУ́РЫ ў атмасферы, павышэнне тэмпературы паветра з вышынёй замест звычайнага для трапасферы яе памяншэння. Бываюць каля зямной паверхні і ў свабоднай атмасферы. Прыземныя І.т. найчасцей фарміруюцца ў бязветраныя ночы ў выніку інтэнсіўнага выпраменьвання цяпла зямной паверхняй, ахаладжэння яе самой і прылеглага слоя паветра. Таўшчыня ахопленага інверсіяй слоя паветра ад некалькіх дзесяткаў да соцень метраў. Утварэнню І.т. садзейнічае катлавінны рэльеф, дзе застойваецца ахалоджанае паветра. У свабоднай атмасферы І.т. звязаны з асяданнем паветра ў антыцыклонах, нацяканнем цёплага паветра на халоднае ў зонах франтоў атмасферных і інш. працэсамі; ахопліваюць слой паветра магутнасцю ў сотні, часам 2—3 тыс. м. І.т. спрыяюць утварэнню воблакаў, туману, імглы, смогу, міражу.

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)